Купальскі квэст «У пошуках папараць-кветкі» адбыўся ў Александрыі

8-9 ліпеня на маляўнічых берагах Дняпра, што паважна плыве па гасціннай Шклоўскай зямлі, разгарнулася свята-кірмаш «Александрыя збірае сяброў: Купалле-2017». Гасцей і ўдзельнікаў чакалі незабыўныя святочныя мерапрыемствы – яркія канцэртныя праграмы, шырокі і шумны гандаль, музыка, спевы, танцы, традыцыйныя народныя гульні і святочныя падарункі.
Адным з яркіх эпізодаў свята ў Александрыі стаў маладзёжны купальскі квэст «У пошуках папараць-кветкі», арганізаваны Магілёўскай абласной філармоніяй. Квэст праходзіў у рамках свята ўпершыню. Арганізатары мерапрыемства ставілі галоўнымі мэтамі папулярызацыю нацыянальнай культурнай спадчыны, павышэнне цікаўнасці сучаснага гледача да шматграннай народнай творчасці, стварэнне спрыяльных ўмоў для эстэтычнага выхавання ўдзельнікаў на аснове элементаў традыцыйнай культуры.
У квэсце прынялі ўдзел чатыры каманды, якія прадстаўлялі ДУА «Гімназія г. Шклова», ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Шклова», ДУА «Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна», а таксама пятая каманда – зборная гасцей свята.
Пад час урачыстага старту квэста на малой сцэнічнай пляцоўцы былі вызначаны маршруты, па якіх каманды адправяцца шукаць сваю «папараць-кветку». На трох галоўных «кропках» квэста удзельнікаў чакалі займальныя святочныя выпрабаванні. Хлопцы і дзяўчаты павінны былі праявіць спрытнасць, кемлівасць, вынаходлівасць і каманднае адзінства.
На «Таямнічым млыне» ўдзельнікаў сустракалі спадар Млынар з жонкай, Кот і Русалка. Заданні, якія каманды выконвалі на гэтай пляцоўцы, былі звязаны з беларускім традыцыйным побытам і незвычайным, магічным выкарыстаннем паўсядзённых прадметаў: напрыклад, звычайная стужка пераўтваралася ў «павуцінне», праз якое было вельмі няпроста прабрацца, а мятла і рыдлёўка – у рэквізіт для вясёлых скокаў.
На пляцоўцы «Зёлкавая скарбніца здароўя» траўніца цётка Ульяна і яе памочніцы – Ялінка, Васілінка і Маргарытка – правяралі, ці добра ўдзельнікі ведаюць беларускія зёлкі. Хлопцы і дзяўчаты павінны былі адгадаць водар знаёмых раслін, патрапіць вянкамі на кучаравую бярозку і адказаць на пытанні пра кветкі, дрэвы і расліны.
На пляцоўцы «Купальскія цуды» багіня Лада, яе сяброўка Купалінка і мудры Зніч прапаноўвалі ўдзельнікам з дапамогай падказкі, атрыманай у папярэдніх турах, знайсці ў Кнізе Мудрасці магічныя словы і скласці з іх чароўную фразу.
Усе каманды бліскуча справіліся з заданнямі і адшукалі свае «папараць-кветкі». Дарэчы, у якасці «папараць-кветак» у гэтым годзе выступалі святочныя падарункі ад сяброў мерапрыемства. Сябры квэста – шчырыя аматары нацыянальнай культуры, актыўныя ўдзельнікі шматлікіх мерапрыемстваў – сетка тыпаграфій «KIVI-group», дзе робяць свет яркім; Магілёўская малочная кампанія «Бабушкина крынка», вядомая смачнай, якаснай і натуральнай малочнай прадукцыяй; кампанія LEDENEC.BY, якая ведае ўсё аб салодкім жыцці; мінеральная вада «Горкі», што нараджаецца ў самых нетрах зямлі і дорыць людзям яе сілу.
Арганізатары выказваюць падзяку ўсім, хто прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні квэста. Свята ў Александрыі – цудоўная пляцоўка для правядзення мерапрыемстваў, якія знітоўваюць традыцыі і сучаснасць, наладжваюць сувязь паміж пакаленнямі і абуджаюць у моладзі цікаўнасць да глыбокай, шчырай і жывой нацыянальнай культуры.

Алёна Беланожка
фота: Крысціна Ганчарова

prgwmathenw_mal.jpgwd8b8y1qf3u_mal.jpgxmyp7hzn1gw_mal.jpgwveiibf5ods_mal.jpg9iu-zk2-w5w_mal.jpgdqux2dofm1g_mal.jpgtxf32nlsyvo_mal.jpglxfa4awhsm8_mal.jpgdsc01562_1.jpg

Закрепить: