Восеньскае натхненне
30 верасня ў канцэртнай зале Магілёўскай абласной філармоніі прайшоў канцэрт у рамках літаратурна-музычнага праекта “Натхнёныя любоўю да Радзімы…” Сумесны праект філармоніі і Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў чарговы раз аб’яднаў яркіх артыстаў Магілёўшчыны, пісьменнікаў, творцаў, а таксама аматараў добрай музыкі і літаратуры. У канцэрце, прасякнутым атмасферай восені, прынялі ўдзел беларускія пісьменнікі Валянціна Габрусева, Віктар Кунцэвіч, Алена Курэк і аўтар праекта – Алёна Беланожка. Са сцэны прагучалі і вершы Алеся Казекі ў выкананні дачкі паэта – Марыі Самусенка. Марыя падзялілася з гледачамі плёнам сваёй творчасці і прачытала некалькі вершаў уласнага аўтарства.
Гледачы цёпла сустракалі пісьменнікаў і артыстаў. У зале гучала музыка ў выкананні камерна-інструментальнага ансамбля “КамерАнс”. На сцэну выйшлі уладальнік медаля Францыска Скарыны, вядучы майстар сцэны Магілёўскай філармоніі Вольга Гарнічар, саліст філармоніі Паша Любчанка, аўтар-выканаўца Алена Грышчанкова, спявачка Кацярына Костусева. Упершыню да праекта далучылася салістка заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя Л.Іванова, віртуозная цымбалістка Яна Дзямідчык. Таксама ў канцэрце прынялі ўдзел юныя выхаванкі ўзорнай студыі вакалу “Крыстал” Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу.
Праект “Натхнёныя любоўю да Радзімы…” працягваецца. Чарговая, на гэты раз зімовая, сустрэча адбудзецца ў снежні.










